"Мы сёння знаходзімся ў іншай вытворчай драме"
Работай Больше! Отдыхай Больше!
Антанiна Сцебур
23rd December 2019
“Работай Больше! Отдыхай Больше!” (РБ!ОБ!) - гэта тыдзень падзей, які праходзіць штогод у Мінску і збірае мастачак і мастакоў, работніц і работнікаў культуры, актывістаў, інтэлектуалаў, урбаністаў і г.д. з усёй постсавецкай прасторы. Ядро РБ!ОБ! сканструявана вакол праблем працы і адпачынку, вытворчасці ведаў, перазборкі калектыўнасці, ўяўлення. Гэтыя тэмы прэпаруюць праз сумеснае размеркаванае, ці наадварот праз сканцэнтраванае пражыванне разам. Фокус РБ!ОБ! зроблен на парцісіпаторныяб перфарматыўныя і дыскурсіўныя практыкі, якія дазваляюць не выдаваць канчатковы, гатовы прадукт або вынік, а сканцэнтраваць увагу на сумесным пражыванні і стварэнні працэсу. РБ!ОБ! можна вызначыць, і як самаарганізацыйную платформу, і як ланцуг падзей, і як лабараторыю. Працоўная група “Работай Больше! Отдыхай Больше!” – гэта Аляксей Барысёнак (АБ), Дзіна Жук (ДзЖ), Мікалай Спясіўцаў (МС) і Воля Сасноўская (ВС).
Антанiна Сцебур
Вы часта падкрэсліваеце адрозненне “Работай больше! Отдыхай больше!” (РБ!ОБ!) ад фэставых спосабаў арганізацыі і прынцыпова не завяце сябе фэстам. Як слушна пазначыць фармат РБ!ОБ!?
Воля Сасноўская
Мы кажам, што няма слушнага пазначэння для РБ!ОБ!. Усярэдзіне РБ!ОБ! зашыта шмат фарматаў і частак, якія кожны год змяняюцца. РБ!ОБ! - гэта мноства модусаў супольнага існавання, якія складана прывесці да аднаго вызначэння.
Дзіна Жук
Мне здаецца, што фестываль - гэта гісторыя для вонкавага гледача, які прыходзіць на ўжо падрыхтаваную праграму. А ў нас фокус - на тое, каб ствараць падзею разам. Нам хацелася, каб усе разам патусаваліся, пазнаёміліся, каб былі супольныя моманты інтэнсіўнага жыцця і моманты паслаблення. Іншымі словамі, РБ!ОБ! накіравана на са-жыццё.
Мікалай Спясіўцаў
Працягваючы думку Дзіны, для мяне істотна факусаванне на харэаграфіі тыдня, на суперажыванні. Напэўна, калі б мне сказалі вызначыць адным словам фармат, я сказаў бы, што гэта - лабараторыя, але што будзе ў наступным годзе - зусім невядома, і мне вельмі каштоўная гэта нявызначанасць.
Дзіна Жук
Прыкладам, Анастасія Веправа (мастачка з Санкт-Пецярбурга. - заўв. рэд.) неяк назвала “Работай Больше! Отдыхай Больше!” падзейным хранатопам. І сапраўды, у дачыненні РБ!ОБ! няма нейкага аднаго вызначэння. Чаму мы супраць вызначэння РБ!ОБ! як фэсту? Таму што мы з самой фестывальнасцю спрабуем працаваць, то бок з такімі апазіцыямі, як “крэатыўнасць-веды”, “калектыўныя вытворчасць-веды”. Гэтыя апазіцыі выступаюць для нас якарамі разважання.
Воля Сасноўская
Апроч таго, фестываль мяркуе вельмі зразумелую, камфортную, прадказальную форму, а таксама некаторую паверхню, па якой можна слізгаць, не паглыбляючыся. Фэст - гэта забаўляльны фармат. Мы, вядома, таксама вельмі любім забаўляцца, але нам важна і глыбіня, і рэфлексія.
Антанiна Сцебур
Чаму акцэнт РБ!ОБ! зроблены на перфарматыўных і парцісіпаторных практыках?
Воля Сасноўская
Я б хацела дадаць, што акрамя таго, у нас ёсць таксама фокус на лекцыях і дыскусіях. Іншыя фарматы, прыкладам, выстава мае на ўвазе пасіўнае сузіранне. А фарматы ўдзелу РБ!ОБ! маюць на ўвазе, што мы збіраемся і працуем зусім з іншай эканомікай уцягнення і ўвагі. Апроч таго, мы даволі мабільныя як падзеі: увесь час перасоўваемся ў горадзе і за горадам. Нам падабаецца, што мы не абавязаны быць прывязаны да нейкай пэўнай прасторы - мы можам проста недзе мігацець.
Мікалай Спясіўцаў
Я хацеў дадаць, што мы працуем з формамі, якія індукуюць калектыўны досвед, яго мы і змяшчаем у фокус нашага тыдня. Калектыўныя практыкі дапамагаюць арганізаваць месцы напругі ці месца паслаблення, змяншэння інтэнсіўнасці са-пысутнасці побач адзін з адным. Гэта могуць быць сітуацыі зліпання і камякавання ці, наадварот, фарсаванага дыстанцыявання адзін ад аднаго ў прасторы. Індукаванне і правакаванне такога роду досведу - якраз і ляжыць у вобласці нашых зацікаўленняў як працоўнай групы.
Аляксей Барысёнак
Плюс да гэтага, гэта спроба зважаць не толькі на вынік ці аб'ект, захаваны ў канчатковай форме. РБ!ОБ! важныя працэсы, якія нараджаюцца ў калектыўнай дынаміцы, а таксама тыя наратывы, якія нараджаюцца ўсярэдзіне лекцыі, дыскусіі, семінара, акцыі. Апроч таго, для нас важна зрушваць фокус, які дамінантай вісіць над Мінскам пра тое, што любая выстава, ці любая падзея завострана на рэпрэзентацыю фінальнага выніку. І мне здаецца, важнай складальнай РБ!ОБ! з'яўляецца магчымасць эксперыментаваць і думаць, як мажліва працаваць ці не працаваць, скарыстаць розныя стратэгіі і г. д.
Дзіна Жук
Нам у РБ!ОБ! цікава працаваць з формамі, якія яшчэ не улегліся, выйсці са здранцвення “белага куба” - з пэўнай праграмы, у якой ты апынаешся, калі працуеш з фарматам выставы. Удзельнікі і ўдзельніцы могуць прыйсці з нейкай незавершанай ідэяй і ў рэжыме дэма-версіі апрабаваць яе ў коле аднадумцаў і аднадумак.
Аляксей Барысёнак
Мне спадабаўся каментар Паўла Хайло (мастак з Украіны. - заўв. рэд.), які казаў: важна, што РБ!ОБ! не з'яўляецца машынай эстэтызацыі, якая ўсё, што адбываецца пасярод яго ператварае нейкай цудоўнай выявай у мастацкую практыку. Гэта важны момант. Нягледзячы на тое, што па большай частцы ў РБ!ОБ! бяруць удзел людзі, злучаныя з мастацтвам ці культурай, але не абавязкова як мастакі ці мастачкі. То бок фармат РБ!ОБ! не мяркуе, што ўсе актыўнасці адразу ж будуць валарызавацца і трансфармавацца ў мастацкую кар'еру.
Антанiна Сцебур
Чаму з 2018 года для РБ!ОБ! стала прынцыповым нейкую колькасць часу жыць разам у санаторыі?
Воля Сасноўская
Для нас быў важны такі фармат, дзе мы нічога не вырабляем, не паказваем, а проста жывём разам. Таму што РБ!ОБ! нарадзілася з жадання нешта рабіць разам і жыць разам.
Дзіна Жук
У папярэднім годзе ў нас быў дзень адпачынку, калі мы супольна вучыліся адпачываць наноў. І для мяне істотна, што мы такой выявай канструюем калектыўнасць. Змяшчаючы ўсіх у адно асяроддзе, якое мае свой гістарычны кантэкст, мы займаемся правакаваннем і стварэннем новых формаў сужыцця і новага побыту. Мы думаем пра новыя формы калектыўнасці, пра новыя формы радні, якія была б не крэўнай раднёй, а kinship па Д. Харауэй, дзе нашы сувязі канструяваліся б паводле тых ідэям і думкам, якія ў нас ёсць, то бок такое аднамысніцтва па ісце. У Мінску, можна сказаць, што гэта жыццё размеркаванае, таму што ўсе жывуць на ўпісаннях, гэта такая размеркаваная, фрактальная калектыўнасць.
Мікалай Спясіўцаў
Жыццё на ўпісках - гэта неадымная частка “ Работай Больше! Отдыхай Больше!” Калі ты прывязаны да таго ці той, хто жыве ў Мінску, пачынаеш залежаць ад яго ці ад яе ў плане свайго побыту. Нам важна, што гэта не адзінкавы досвед, ён падзяляецца ўсімі іншагароднімі ўдзельнікамі і ўдзельніцамі. Дні такога размеркаванага побыту ў Мінску перацякаюць у сітуацыю сфакусаванага, інтэнсіфікаванага жыцця разам у санаторыі. Пры гэтым гэта сфакусаванае жыццё падтрымваецца санаторнай машынай побыту, яна не дае нам шанцу захапіцца руцінай калектыўнасці. Гэта дазваляе нам заняцца нудой, скарыстаць яе як адпраўную кропку, альбо, пераадолеўшы гэту нуду, прыдумаць нешта разам.
Аляксей Барысёнак
Санаторый злучаны з аўтаматызацыяй побыту і рэпрадукцыйнай працаю з 20-30-ых гадоў XX стагоддзя ў Савецкім Саюзе. Сёння санаторый - гэта таксама руіна, якая знаходзіцца пад сур'ёзным ціскам капіталістычнай трансфармацыі. Гэта тое, з чым мы сутыкаемся, калі абіраецца санаторый. Мы бачым, як яны таюць на вачах. Санаторыі - гэта адносна танныя месцы, у якіх ёсць інфраструктура, дзякуючы чаму можна не патануць у арганізацыі калектыўнага жыцця. І ў гэтым сэнсе, санаторыя мае важную сілу, якая эмансіпуе,- яна важная дзеля РБ!ОБ!
Антанiна Сцебур
Чаму для вас апроч гэтага асабістага досведу і простага жадання быць разам і тусавацца разам, апынаецца важным пераасэнсаванне калектыўнасці і перастварэнне ці стварэнне новых формаў суіснавання? Мусібыць, што апроч жадання тусоўкі, тут ёсць нейкі палітычны ці сацыяльна-крытычны аспект, эмансіпаторны пласт.
Аляксей Барысёнак
Важным момантам для нас быў закон пра дармаедства Менавіта ён стаў тэмай, з якой мы пачалі думаць: што значыць праца? Што такое непраца? Што значыць форма занятасці? Як рэжымы працы ўбудаваны ў дзяржаўную, у працоўную, у капіталістычную сферу? Чым з'яўляецца неадчужаны час і адпачынак? Што значыць неадчужанае перажыванне часу і працы? Праца і адпачынак - гэта ядро і сэрца сучаснай капіталістычнай сістэмы эксплуатацыі, якая навязвае пэўныя спосабы жыцця часу, пэўную вытворчасць адносін. Праблема, вакол якой сканструявана РБ!ОБ! ці над якой мы думаем у РБ!ОБ!, не з'яўляецца характэрнай толькі для беларускага кантэксту. Гэта праблема, якую мы можам абмяркоўваць з людзьмі, якія жывуць і працуюць у зусім розных кантэкстах, улучаючы Кітай, Польшчу, Нарвегію.
Воля Сасноўская
Гэта таксама такая рэакцыя на тое, як у многіх постсацыялістычных краінах ставяцца да калектыўнасці. Яе палохаюцца, лічаць што гэта спадчына савецкага, як калектывізацыя. Для нас жа істотна зноў вярнуць жаданне, задавальненне і палітычны пасыл знаходжання разам, працы разам, і формаў самаарганізацыі. У адказ ліберальнай раз'яднанасці, якая ў 90-е даволі моцна пераважала. Але ў той жа час пераасэнсоўваць новыя формы калектыўнасці. Мне здаецца, Дзіна добра казала пра kinship. Цяпер актыўна вядуцца дыскусіі пра такія паняткі, як салідарнасць, пра тое, наколькі актуальным з'яўляецца гэты панятак? Якія могуць быць альтэрнатыўныя паняткі?
Дзіна Жук
Левы рух у нейкі момант, як мне здаецца, увайшло ў ступар. Нашы спробы прыцягваць філосафаў, якія разважаюць вакол пытанняў пра новыя левыя рухі, пра пашырэнне калектыўнага ўяўлення, таксама з'яўляецца свайго роду спробай канструявання магчымай калектыўнасці. Гэтыя новыя калектыўнасці не могуць працаваць так, як яны працавалі раней, таму што мы сёння знаходзімся ў іншай вытворчай драме. І ўласна нашы фарматы, дзе мы залучаем не толькі мастакоў, мастачак, але і дзеячаў культурнага поля, з'яўляюцца такой рэакцыяй і жаданнем распрацоўваць і прапрацоўваць супольна ідэі, якім чынам сёння можна жыць разам.
Мікалай Спясіўцаў
Кожны год падчас рыхтоўлі да РБ!ОБ! мы імкнёмся перавынайсці, рэарганізаваць спосаб нашага мыслення і пісьма, каб перакалібраваць баланс двух полюсаў. З аднаго боку - функцыянальнага, таму што ў нас не звар'яцела-інтэнсіўныя рэжымы. РБ!ОБ! не падобна на тыднёвы рэйв, дзе фізічна складана праіснаваць ад званка да званка. З іншага боку - полюс правакавання калектыўных уяўленняў, якія могуць быць даўгачаснымі ці быць на адзін дзень. Нам важна цягам тыдня ўтрымваць у фокусе матэрыяльнасць знаходжання ў рамках аднаго тэматычнага поля і ў рамках адной фізічнай прасторы.
Аляксей Барысёнак
Падсумоўваючы, палітычна важны момант - гэта абмеркаванні ўласна працы як такога і канчатковае ж крытыка працы, то бок рэпрадукцыйная праца, розныя формы прэкарнасці, трансфармацыі нематэрыяльнай працы. РБ!ОБ! - гэта ўяўленне будучыні, якое б не гэтак цесна было б злучана з працай, ідэя неадчужанай працы, фемінісцкай крытыкі працы і так далей, гэтак далей.
Дзіна Жук
Таксама гэтыя практыкі і абмеркаванні злучаны з мовай. У нас ёсць калектыўны гласар , дзе прысутнічаюць такія паняткі, як афектыўная праца, аўтсорсінг, учорашняе неадчужанае свята, здабывальны капіталізм, левая меланхолія, спантанная нізавая альтэрнатыва і так далей і так далей. Некаторыя з гэтых паняткаў - гэта вар'яцкія паняткі, некаторыя - паняткі, якія якраз спрабуюць трансфармаваць знакавыя тэрміны на новую мову. Гласар ствараецца калектыўна, гэтыя тэрміны пісалі ўсе ўдзельніцы і ўдзельнікі. Важны сам працэс перавынахаду мовы, як мы пра гэта можам казаць у тых умовах, у якіх мы тут і цяпер апынуліся.
Мікалай Спясіўцаў
Я спадзяюся, што падчас РБ!ОБ! апроч абмеркавання пытанняў, якія ўжо выразна сфармуляваны і адсылаюць да ўжо існых палітычных кантэкстаў, мы займаецца намацваннем новых кантэкстаў і звязкаў паміж імі. Часта гэта адбываецца з-за судотыку людзей з розных кантэкстаў, якія кажуць на розных мовах. І ад шараванняў паміж гэтымі кантэкстамі, спосабамі маўлення, нараджаюцца новыя паняткі ў нашым гласары.
Антанiна Сцебур
Як фармуецца гласар?
Аляксей Барысёнак
Часткова ён заснаваны на дзейнасці працоўнай групы, якая як бы фармуе нейкую сетку напружанняў. І пасля кожнага года мы запрашаем удзельнікаў і ўдзельніц па іх жаданні дадаць тэрміны, якія б сталі часткай гласара.
Воля Сасноўская
Гэтыя тэрміны зазвыча злучаны з той практыкай, якую ўдзельнікі прапаноўваюць ці ладзяць падчас РБ!ОБ! Але можа быць і нешта спантанна народжанае. Гэта таксама яшчэ і спосаб архівавання, асэнсавання досведу, які адбыўся - такая крытычная дакументацыя, працяг дыскусіі, жыццяў у РБ!ОБ! Гэтыя тэрміны злучаны з мінулымі падзеямі, мы прымацоўваем падзеі да іх - атрымваецца такая сетка праз якую можна глядзець на РБ!ОБ!
Антанiна Сцебур
Я б хацела вярнуцца наагул да ідэі “Работай Больше! Отдыхай Больше” Мы пачалі казаць пра закон пра дармаедства, пра ідэалогію познага капіталізму. Сам лозунг “Працуй Больш! Адпачывай Больш!” - ён адначасна выступае і імператывам, і парадоксам. Як вы яго асэнсоўваеце?
Воля Сасноўская
Калі толькі пачыналася хваля самазанятасці, у многіх культурных працаўнікоў і працаўніц, прэкарыяў, фрылансераў было эмацыйнае падыманне, што мы нарэшце вызваліліся, зараз мы самі сабе гаспадары. Аднак цяпер многія з нас пачынаюць імкнуцца да тых самых нармаваных гадзін працы і адпачынку, каб была нейкая структура, якая б не дазваляла нам выгараць і перагараць. Рэальна,” Працуй Больш! Адпачывай больш!” - гэта такі сучасны імператыў. І часта незразумела: дзе адпачынак, дзе праца. Таму мы гуляем з гэтым лозунгам, ці радком з песні. І які, вядома, з'яўляецца парадоксам.
Дзіна Жук
Апроч гэтага, у адным з нашых постараў у нас ёсць такая фраза: “Факапіш прафесійна - а крыўда асабістая”. Чым мы займаемся? Мы працуем разам? Апраўдваем свой адпачынак тым, што працуем разам? І так можна далей загортваць і рабіць парадаксальныя заявы пра перапляценне прафесійнага і асабістага.
Воля Сасноўская
Калі казаць пра калектыўнасць, то ў культурым коле - непрадукцыйная калектыўнасць стала раскошай і рэдкасцю. Сапраўды, людзі збіраюцца разам, таму што яны працуюць разам ці хочуць пазнаёміцца, каб працаваць. І мне здаецца, супольны адпачынак зрабіўся экзотыкай і нам карцела яго вярнуць
Дзіна Жук
Апроч таго, адпачынак таксама з'яўляецца часткай працы. Таму што, для таго, каб добра адпачываць - трэба арганізаваць супольнае баўленні часу. Немажлівасць адрозніць працу і адпачынак, прыкладам, калі мы працуем у нейкім крэатыўным стратапе, можам з боку працадаўцы назіраць пазэсіі у бок тэпцікаў на працы...
Аляксей Барысёнак
РБ!ОБ! – гэта такі парадаксальны імператыў. Таму што, з аднаго боку, мы змушаны жыць у такіх умовах, якія патрабуюць ад нас, і якія навязваюцца нам. Яны злучаны з паняткам прадукцыйнасці і прадукцыўнасці, дзе разлічваюцца не толькі працоўныя аб'ёмы, але і аб'ёмы адпачынку. І зразумела, што РБ!ОБ! - гэта спасылка на аналіз такога імператыву ў папулярнай культуры. Для мяне гэта назва злучана з песняй Брытні Спірс. З іншага боку, гэты лозунг прыводзіць да таго, што ў адрозненне ад афекту, на якім раслі прагрэсіўныя і кансерватыўныя сілы пачатку XX стагоддзя, і які быў заснаваны на аптымізме, на веры ў будучыню, на моцнай патэнцыі і волі да змен. Аднак, цяпер мы назіраем, імператыў, які з'яўляецца пад канец XX стагоддзя, ён злучаны з паняткам знясілення. І мне здаецца, шмат хто з нас і ў асобных практыках, і ў супольных практыках пра гэта разважаюць. Такі імператыў прыводзіць да знясілення як цялесных, кагнітыўных здольнасцяў, гэтак і патэнцыі да трансфармацыі і да набліжэння той будучыні, якую мы хочам бачыць. І гэта такая горкая парадаксальнасць гэтага лозунга.
Воля Сасноўская
І ты сам патрабуеш ад сябе. І гэта датыцыцца ня толькі працы, але і адпачынку. Калі паглядзець на рэкрэацыйную культуру, то яна вельмі самазнясільная, напрыклад, няспаныя ночы на рэйве, ці проста нястача і патрэба перажываць нейкія моцныя эмоцыі і ўражанні.
Антанiна Сцебур
Вы казалі пра тое, што вас цікавіць постсавецкі кантэкст. Як гэты імператыў “Працуй больш! Адпачывай больш!” пераламляецца на постсавецкі кантэкст?
Аляксей Барысёнак
Постсавецкаму кантэксту адводзіцца спецыфічная роля ў глабальнай эканамічнай трансфармацыі капіталізму, і прынамсі, цяпер Усходняя Еўропа ўсё больш і больш выглядае як (у адрозненне ад матэрыяльных вытворчасцяў, якія былі вынесены ў краіны Азіі, на Усход), тое, што часта завецца nearshore, то бок велізарны рэзервуар працоўнай сілы, які не так моцна злучаны з фізічнай, матэрыяльнай працай, але злучаны нематэрыяльнай працай. Сюды ўваходзяць розныя рэчы: ад славутага праграмавання да працы-клопату. І як ня дзіўна праца клопату ўнутры так званай Заходняй Еўропы галоўным чынам вырабляецца жанчынамі-мігранткамі. У гэтым сэнсе, постсавецкі рэгіён уяўляецца як рэзервуар гэтага войска працы, з аднаго боку. Але з іншага боку, пасярод яго таксама ёсць свае лініі напругі, злучаныя і з Расійска-Ўкраінскім канфліктам, і узрасталымі імперскімі амбіцыямі Расіі, і з постсавецкімі дыктатурамі і г. д.
Воля Сасноўская
Мы ўзяліся за тэму працы, таму што зразумелі, што гэта тэма нас усіх цікавіць, і, як ужо казалі, быў прыняты закон пра дармаедства, які зноў ускалыхнуў і адрадзіў пытанні аб прымусу да працы, усеагульнай занятасці, то бок пытанні пра практыкі, якія спрабавалі рэалізаваць у СССР. Але калі ў той час было больш магчымасцяў ухілення, напрыклад, працаваць недзе, дзе табе ня трэба выкладвацца па поўнай ці дзе ты магла знаходзіцца ў нябачных зонах, дзе менш кантралявалі тваю прадукцыйнасць. Больш за тое, у людзей была магчымасць жыць за зусім маленькія грошы, была іншая сітуацыя з жытлом. Зараз, як мне здаецца, гэты ўказ спарадзіў дзіўнага мутанта з імператыву, што праца - гэта карысна і ўсе павінны працаваць. Пры гэтым, не існуе ніякага сучаснага працоўнага і падатковага заканадаўства. І ўсё адно ёсць шэрыя напаўлегальныя зоны, у якіх чалавек адчувае сябе яшчэ больш занятым і не абароненым. І яны не дораць нейкую волю, а наадварот, заганяюць у неўрозы і няўпэўненасць.
Мікалай Спясіўцаў
Я б хацеў сказаць пра руіны. Лёша казаў пра санаторый як пра руіну. Я хацеў бы сказаць, што ў постсавецкім кантэксце шмат руін, якія ня маюць такога выяўнага матэрыяльнага ўвасаблення, як санаторый. Гэта руіны інстытуцыйнай падтрымкі працы і розных формаў адпачынку, якія існавалі ў Савецкім Саюзе, якія існавалі ў краінах постсавецкага рэгіёна і сёння дэмантаваны ў рознай ступені. І гульня на розных дыферэнцыялах ступені дэмантажу гэтых руін нам таксама цікавая.
Антанiна Сцебур
Ці можа мастак ці мастачка супрацівіцца сітуацыі, якую можна опісаць лозунг “Працуй больш! Адпачывай больш!”? Гэты імператыў, як мне здаецца, нас вельмі індывідуалізуе і падзяляе, робіць праблематычным нашу калектыўнасць
Дзіна Жук
Я б можа быць перафармулявала гэта пытанне ў бок пашырэння практык калектыўнага выразу, каб прыбраць момант наяўнасці нейкага абстрактнага ворага. То бок, калі мы вяртаемся да панятку дзяржавы, дзе дзяржава ёсць ўсе мы, то мы знаходзім сябе ў актыўнай ролі тых, хто стварае гэтыя калектыўнасці. Але пры гэтым мы не заклікаем зліцца ў адной калектыўнасці, хутчэй, у нас мноства светаў пасярод калектыўнасці, яна можа быць таксама рознай.
Воля Сасноўская
Магчыма, я б не хацела так ізаляваць поле мастацтва. Мне здаецца, прадуктыўным сітуацыя, калі мастакі і мастачкі яднаюцца з некімі яшчэ групамі ці ўлучаюць іншыя метады, прасторы - і ў рамках РБ!ОБ! мы таксама не займаемся толькі мастацтвам. І ў гэтым улучэнні ці кааперацыі адкрываюцца эмансіпаторныя магчымасці, таму што мастацтва часта працуе з уяўленнем, але і таксама з нейкім фарматам гульні, што можа ў сябе ўлучаць і прайграванне чагосьці, і рэпетыцыю, і практыку. Гэта таксама гульня як дзіцячая гульня, што залучае ў сябе такія складнікі як радасць, непасрэднасць. Усё гэта дае мастацтву магчымасці ўнікнуць строгай рэгламентацыі і навешванню нейкіх рамак, іерархій. І пэўна што, гэта таксама спроба адмовы ад нейкіх вельмі застыглых формаў, сталы пошук чагосьці.
Дзіна Жук
Мне здаецца, мы думаем пра тое, як здзейсніць выйсце з бінарнай логікі працы і адпачынку, і іншых апазітных паняткаў, якія ўжо захоплены існай капіталістычнай сітуацыяй. І мы спрабуем зразумець, ці існуе, дакладней, ці можна зрабіць крок у бок, пры гэтым не думаючы пра сваю практыку, як пра практыку эскапісцкую, практыку ўцёкаў ці супраціву, а хутчэй як эмансіпаторную практыку, якая магла б быць прыладай калектыўнай салідарнасці.
Аляксей Барысёнак
Мне здаецца, што насамрэч, гэта пытанне важнае і мне здаецца, што калі казаць вылучна пра мастацкія практыкі, пра мастацтва як нейкі фармат вынаходства. Самым важным застаецца, што мастацтва па-за яго інстытуцыйным кантэкстам мае магчымасць, у адрозненне ад многіх іншых сфер, разгарнуць прастору для ўяўлення, і ўяўленні якое не толькі злучана з будучыняй, але і з мінулым - з сінхранізацыяй і дэсінхранізацыяй розных темпаральнасцяў. У гэтым сэнсе, для мяне асабіста, мастацтва ці нейкія яго формы застаюцца той прасторай, у якой я магу думаць пра адчужэнне і неадчужэнне, гэта дакранаецца і жыццёвай, і творчай, разумовай, вынаходніцкай кампетэнцый ці навыкаў. Мастацтва спрыяе развіццю гэтых навыкаў.
Мікалай Спясіўцаў
Мне цікавае тое, як фармуюцца і індукуюцца папярочныя і спекуляцыйна-функцыйныя сувязі паміж полем мастацтва, і, напрыклад, філасофскай сцэнай, ІТ-сферай, практыкамі культурных працаўнікоў і працаўніц у цэлым. Напэўна, гэта і ёсць адзін са спосабаў дэфармацыі існага парадку размеркавання сіл. Я б не казаў пра супраціў, а казаў бы пра стварэнне зморшчын і руху ўнапуск.
Антаніна Сцебур – куратар і даследчыца. Скончыла магістэрскую праграму “Візуальныя і Культурныя Даследаваніі” Еўрапейскі Гуманітарны Універсітэт (Вільня, Літва) і Школу уцягнутага мастацтва (арт-група “Что делать?”, Санкт-Пецярбург, Расія. Удзельніца групы #дамаудобнаявбыту (дама, зручная у побыце), якая займаецца вывучэннем феміністычнай парадку дня ў постсавецкім кантэксце. Была куратарам выстаў у Беларусі, Расіі, Польшчы, Арменіі, Францыі, у Кітаі. Яе даследчыя і куратарскія інтарэсы ўключаюць тэмы супольнасці, перазборку паўсядзённых практык, феміністскую крытыку, новую адчувальнасць, ініцыятывы на нізавым узроўні.
Перакладчык: Антанiна Сцебур
Рэдактар: Іра Канюхова